ГРУ́ПА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
адносна ўстойлівая сукупнасць людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю і нормамі ўзаемаадносін. Асн. функцыі групы сацыяльнай: сумеснае дасягненне агульных мэт, сацыялізацыя людзей, задавальненне іх патрэб у эмацыянальным кантакце і падтрымцы. Групы падзяляюцца на малыя і вялікія. Малая група сацыяльная (пярвічная, нефармальная, фармальная, харызматычная, рэфератная) адрозніваецца непасрэднымі кантактамі паміж яе членамі, налічвае ад 2 да 20 і болей чал. Паняцце «пярвічная група» ўведзена для абазначэння сям’і, суседскіх і сяброўскіх кампаній, забяспечвае першасную сацыялізацыю індывідаў і характарызуецца высокай ступенню эмацыянальнасці ўзаемаадносін, салідарнасцю і развітой групавой самасвядомасцю. Нефармальная група ўтвараецца на аснове міжасобасных кантактаў, узаемных сімпатый і падабенства інтарэсаў яе членаў. Фармальная фарміруецца для дасягнення пэўных мэт і адрозніваецца развітой арганізацыйнай структурай. Харызматычная займае прамежкавае становішча паміж нефармальнай і фармальнай групамі. Асаблівую ролю ў ёй адыгрывае лідэр, які мае велізарную прыцягальную сілу і абаянне. Рэферэнтная група (уяўная і рэальная) — група, каштоўнасці і нормы якой служаць эталонам. Вялікая група сацыяльная — шматлікая супольнасць людзей, якія часта не ўступаюць у непасрэдны кантакт паміж сабой, але маюць падобнае сац. становішча і аб’ектыўную агульнасць інтарэсаў — класы, сац. слаі, праф. групы, этнічныя супольнасці (нацыя, народнасць, племя), узроставыя групы (моладзь, пенсіянеры) і інш.
Літ.:
Смелзер Н. Социология: Пер. с англ. М., 1994;
Щепаньский Я. Элементарные понятия социологии: Пер. с. пол. М., 1969.
А.У.Рубанаў.
т. 5, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)